Галоўная / Беларуская версiя / Навiны рэгiёна
02.08.2024

"Падыход абсалютна гаспадарлівы". Крутой ацаніў ліквідацыю наступстваў непагоды ў Зэльвенскім раёне

2 жніўня, Зэльвенскі раён /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Крутой азнаёміўся з працэсам ліквідацыі наступстваў непагоды ў Зэльвенскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дзмітрый Крутой наведаў населены пункт Бярэжкі, на які ў сярэдзіне ліпеня абрушылася стыхія, а таксама школу ў в.Галынка. Адказваючы на пытанне аб тым, як зрэагавалі на месцах на наступствы непагоды і як ідзе аднаўленне ў Зэльвенскім раёне, Дзмітрый Крутой адзначыў: "Мы сёння ацанілі рэагаванне службаў і Зэльвенскага райвыканкама, і на ўзроўні канкрэтных сельсаветаў. Трэба аддаць належнае, маштабы тут меншыя, чым у Гомельскай і Магілёўскай абласцях, але, тым не менш, важная работа сістэмы ў цэлым. У Зэльвенскім раёне - усё зроблена было на добрым узроўні. Фактычна адразу на ўзроўні старшыні райвыканкама і адпаведных спецыялістаў у найбольш пацярпелых населеных пунктах быў праведзены фактычна падваровы абход, складзены спіс каля 100 найбольш пацярпелых жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў".

"Мяне цікавіла, наколькі аператыўна выдзяляліся рэсурсы з нашых так званых надзвычайных фондаў (шыфер, дошкі, цвікі). Выдзяляліся яны аператыўна, усё было ў наяўнасці, у запасах. Цяпер яны глядзяць, наколькі сістэма патрабуе пэўнай дапрацоўкі, каб зрэагаваць на, не да бог, больш маштабныя надзвычайныя здарэнні. У цэлым усяго хапіла. Людзі былі задаволены, бачылі работу ўлады з першых мінут", - адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

"Была аператыўна наладжана сувязь. Усе службы, нават няпрофільныя, як ДАІ, узброіўшыся бензапіламі, заняліся расчысткай найбольш пацярпелых участкаў ад паваленых дрэў", - сказаў Дзмітрый Крутой.

Кіраўнік Адміністрацыі дадаў: "На сённяшні дзень асаблівая ўвага ў Зэльвенскім раёне, вядома, сацыяльным аб'ектам, каб да пачатку навучальнага года мы паспелі прывесці ў парадак школы, і дзеці не адчулі ніякіх наступстваў. Работа будаўнікоў вядзецца нават з апярэджаннем на тых аб'ектах, якія мы сёння наведваем, усяго хапае. Не толькі (рамантуецца. - Заўвага БЕЛТА) дах, перакрыцці, але і ўнутры ліквідуюцца наступствы залівання асобных памяшканняў. Як даручыў Прэзідэнт, з дырэктарамі школ мы дамовіліся, што паралельна зробім і дадатковыя віды работ. У прыватнасці, у гэтай школе прывядзём у парадак на працягу верасня і харчаблок, зробім галерэю і, магчыма, музей, стадыён прывядзём у парадак. Гэта значыць (зробім. - Заўвага БЕЛТА) больш комплекснае добраўпарадкаванне, калі ўжо ўзяліся. Рэсурсы на гэта ёсць. Усе працэдурныя пытанні - узгадненне, экспертызы ўсяго будзем рабіць паралельна. І тут таксама ніякіх праблем не будзе. Я думаю, вучні і іх бацькі будуць толькі ўдзячныя, калі будзе зроблена больш комплексная работа".

Дзмітрый Крутой адзначыў, што падыход да ліквідацыі наступстваў непагоды ў Зэльвенскім раёне можна ахарактарызаваць станоўча. "Падыход абсалютна гаспадарлівы, мне падабаецца па-здароваму такая зараджанасць усіх нашых службаў, не толькі будаўнікоў, якія зразумела ўсведамляюць адказнасць і працуюць, апярэджваючы графік, але і тых арганізацый, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна і гатовы аказаць любую спонсарскую дапамогу (грашыма і матэрыяламі), толькі б хутчэй ліквідаваць наступствы стыхіі. Гэта лішні раз паказвае нашу з'яднанасць і нашу ўзаемавыручку", - рэзюмаваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.-0-