Галоўная / Беларуская версiя / Навiны рэгiёна
21.10.2024

Качанава: асноўны напрамак у дзейнасці дэпутацкага корпуса - работа з людзьмі

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Асноўны напрамак у дзейнасці дэпутацкага корпуса - работа з людзьмі, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час сустрэчы са старшынямі мясцовых Саветаў дэпутатаў абласнога і базавага тэрытарыяльных узроўняў 29-га склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вы бліжэй за ўсіх да народа, вы практычна кожны дзень сустракаецеся са сваімі выбаршчыкамі, вы ведаеце пытанні, якія неабходна вырашаць. Асноўны напрамак у нашай дзейнасці, дэпутатаў усіх узроўняў, - гэта работа з людзьмі. Гэта асабістыя прыёмы, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы ў калектывах. Гэта дае нам магчымасць валодаць сітуацыяй, якая складваецца ў асобна ўзятай вёсцы, горадзе, раёне", - адзначыла Наталля Качанава.

Для каардынацыі з дэпутатамі ўсіх узроўняў створаны Савет па ўзаемадзеянні, нагадала спікер. "У гэтым годзе мы правялі ўжо некалькі пасяджэнняў гэтага савета. Прычым мы разглядалі найбольш актуальныя пытанні, якія датычыліся зямельных адносін. У бліжэйшы час правядзём Савет па ўзаемадзеянні па будаўніцтве жылля, па спрашчэнні тых падыходаў, задачы наконт якіх шмат разоў ставіў Прэзідэнт, як яны рэалізуюцца, - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі. - Мы хочам убачыць, як у рэаліях гэта складаецца, як сёння можна хутка пабудаваць кватэру або прыватны дом у сельскай мясцовасці. Вы ведаеце, што ў нас адзін з прыярытэтных напрамкаў - рэгіянальная палітыка, развіццё рэгіёнаў".

У сустрэчы прымаюць удзел старшыні мясцовых Саветаў дэпутатаў абласнога і базавага тэрытарыяльных узроўняў Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей.-0-