Галоўная / Беларуская версiя / Навiны рэгiёна
21.10.2025

"Без песні хоць трэсні!" Самабытны сямейны ансамбль з Лідскага раёна адзначае 40-годдзе

21 кастрычніка, Гродна /Кар. БЕЛТА/. "Адна сям'я, адно жыццё, адна песня!" - святочнай праграмай з такой назвай адзначыць 40-годдзе народны сямейны ансамбль "Мы з вёсачкі-калыскі" з аграгарадка Бердаўка Лідскага раёна. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама.

Чатыры дзесяцігоддзі таму, у 1985 годзе, маладая сям'я Інесы і Аляксандра Парфенчык, прыехаўшы на работу ў Бердаўскі дом культуры, аб'яднала ў творчы калектыў сваю спяваючую галасістую радню. Так з'явiўся сямейны ансамбль з цёплай назвай "Мы з вёсачкi-калыскi".

Першапачаткова на сцэну выходзілі 12 сваякоў-выканаўцаў, цяпер жа побач са старэйшымі спявае ўжо маладое пакаленне сям'і. Узрост сельскіх артыстаў - ад 7 да амаль 70 гадоў. Прафесіі ва ўсіх розныя: ёсць медыкі, будаўнікі, вадзіцелі, цырульнік. Ёсць і свае аўтары песень, якія гучаць у рэпертуары. У ансамбля арыгінальны дэвіз: "Без песні хоць трэсні!"

Гісторыю вялікай творчай сям'і расказвае музей "Мы з вёсачкі-калыскi", створаны ў Бердаўскім культурным цэнтры. У ім сабраны сямейныя фота, першыя з якіх зроблены яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя, шматлікія ўзнагароды. У іх ліку пасведчанне аб прысваенні звання народнага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, ганаровая грамата Міністэрства культуры, грамата прадстаўніцтва ААН у Беларусі за распаўсюджванне ідэі сямейнай творчасці, дыпломы пераможцаў і лаўрэатаў многіх фестываляў і конкурсаў.

"На прыкладзе нашай сям'і музей вучыць любіць сваю зямлю, падтрымліваць блізкіх, шанаваць сям'ю", - гаворыць Аляксандр Парфенчык.

Са святочнай праграмай "Адна сям'я, адно жыццё, адна песня!" ансамбль выступіць перад землякамі 31 кастрычніка. На юбілейным канцэрце артысты выканаюць свае лепшыя песні. Калектыў павіншуюць са святам калегі з устаноў культуры Лідскага раёна.-0-