13 жніўня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Якімі мерапрыемствамі будзе насычаны сённяшні дзень IV З'езда малых гарадоў Гродзенскай вобласці і Ніжагародскай вобласці (РФ),
карэспандэнту БЕЛТА расказала старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.
"Вялікая дэлегацыя прыбыла ў Гродзенскую вобласць, у тым ліку ў малыя раёны, якія ўваходзяць у партнёрскі альянс пяці раёнаў па ўстойлівым развіцці. На пляцоўках з'езда бакі будуць дзяліцца вопытам развіцця мясцовага самакіравання, умацоўваць народную дыпламатыю, абмяркоўваць узаемадзеянне маладзёжных парламентаў. Наша маладзёжная асацыяцыя падпіша дарожную карту па далейшым развіцці", - расказала Алена Пасюта.
Паводле слоў старшыні абласнога Савета дэпутатаў, асаблівую ўвагу ніжагародцы выказваюць да развіцця аграпрамысловага комплексу. "Цэлая секцыя форуму прысвечана развіццю АПК у Гродзенскай вобласці, у прыватнасці раслінаводства і жывёлагадоўлі. Трансфер навуковых ведаў і тэхналогій цікавы абодвум бакам, і менавіта гэтай тэме будзе прысвечана работа на тэрыторыі Шчучынскага раёна, дзе кіраўнікі гаспадарак падзеляцца практычным вопытам", - дадала яна.
Асобны блок праграмы датычыцца работы з моладдзю Саюзнай дзяржавы. Секцыя, прысвечаная гэтаму пытанню, пройдзе ў Ваўкавыскім і Свіслацкім раёнах. Удзельнікі наведаюць знакавыя гістарычныя аб'екты, размешчаныя на тэрыторыі гэтых раёнаў, высадзяць алею, прымуць удзел у мітынгу-рэквіеме і, вядома, шырокай дыскусіі. "Сёння асабліва важна, каб наша моладзь сябравала, каб мы падрыхтавалі добрую змену, якая захавае духоўна-маральныя традыцыі, гісторыю, нацыянальныя каштоўнасці. Гэта той здабытак, які мы хочам перадаць у спадчыну, каб яны прадаўжалі ўмацоўваць нашу Саюзную дзяржаву", - падкрэсліла Алена Пасюта.
Зэльвенскі раён стане пляцоўкай для абмеркавання і абмену вопытам у сферы міжпарламенцкага і міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння. У Слонімскім раёне будзе працаваць секцыя "Эканоміка: прамысловасць, кадравая палітыка".
Як адзначыла Алена Пасюта, наладжана трывалая сувязь у сферы інфармацыйнага суправаджэння. Праведзены напярэдадні прэс-тур дазволіў гасцям з Ніжагародскай вобласці лепш даведацца пра турыстычную прывабнасць, гісторыю і культурную спадчыну рэгіёна. Вялікую цікавасць, паводле яе слоў, выклікае і вопыт устойлівага развіцця тэрыторый, асабліва ў частцы ўключэння насельніцтва ў рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў. Як падкрэсліла старшыня абласнога Савета дэпутатаў, у беларускага і расійскага бакоў падобнае разуменне задач, хоць і розныя падыходы ў заканадаўчай базе.
Лейтматывам з'езда стане 80-годдзе Вялікай Перамогі. "Гэта Перамога адна на ўсіх. Яна - галоўная магістральная лінія, якая злучае нашы народы. Сёння моладзь актыўна займаецца даследчай дзейнасцю, удзельнічае ў сумесных праектах, папулярызуе подзвігі герояў Савецкага Саюза, якія аддалі жыццё за мірнае неба", - адзначыла Алена Пасюта.
Дружба Гродзенскай і Ніжагародскай абласцей доўжыцца ўжо чвэрць стагоддзя. Дадатковы імпульс развіццю адносін быў зададзены тры гады таму, калі было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Гродзенскім абласным Cаветам дэпутатаў і Заканадаўчым сходам Ніжагародскай вобласці.-0-