Сталі вядомы даты школьных канікулаў у 2025/2026 навучальным годзе. Графік вызначаны пісьмом Міністэрства адукацыі, якое размешчана на сайце ведамства,
паведамляе БЕЛТА.
Дакументам вызначана, што асеннія канікулы прадоўжацца 8 дзён - з 2 лістапада па 9 лістапада 2025 года ўключна. На зімовых канікулах школьнікі адпачнуць 14 дзён - з 25 снежня 2025 года па 7 студзеня 2026 года ўключна. На вясенніх канікулах для адпачынку адведзена 8 дзён, пройдуць яны з 22 сакавіка па 29 сакавіка 2026 года ўключна. Самыя доўгія канікулы - летнія - для большасці школьнікаў прадоўжацца 92 дні, пройдуць яны з 1 чэрвеня па 31 жніўня 2026 года.
Выпускнікі дзявятых класаў летам змогуць адпачыць на працягу 82 дзён - з 11 чэрвеня па 31 жніўня 2026 года ўключна, а вучні восьмых класаў кадэцкіх вучылішчаў, сувораўскага вучылішча, спецыялізаваных ліцэяў, вучні дзясятых класаў (за выключэннем вучняў спецыялізаваных па спорце класаў, вячэрніх класаў, санаторных школ, вучылішчаў алімпійскага рэзерву) - 87 дзён, іх летнія канікулы пачнуцца з 6 чэрвеня і прадоўжацца па 31 жніўня 2026 года ўключна.
Для вучняў 1-2-х класаў (3-х класаў - для вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з пяцігадовым тэрмінам навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі) у трэцяй чвэрці прадугледжаны дадатковыя зімовыя канікулы з 16 лютага па 22 лютага 2026 года ўключна працягласцю сем дзён.
Першая чвэрць у наступным навучальным годзе ў школах пачнецца традыцыйна 1 верасня, прадоўжыцца яна да 1 лістапада 2025 года. Другая чвэрць - з 10 лістапада па 24 снежня 2025 года, трэцяя - з 8 студзеня па 21 сакавіка 2026 года, чацвёртая - з 30 сакавіка па 31 мая 2026 года, а для вучняў 9-х (10-х) - 11-х (12-х) класаў - з 30 сакавіка па 25 мая 2026 года.-0-