Галоўная / Беларуская версiя / Навіны рэспублiкi
03.09.2024

Рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі стартуе ў Беларусі

3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі стартуе сёння ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Міністэрства адукацыі.

На працягу тыдня можна будзе выбраць сабе занятак па душы і запісацца ў аб'яднанне па інтарэсах.

У новым навучальным годзе для юных патрыётаў падрыхтавалі нямала значных мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё народных традыцый, выхаванне ў навучэнцаў любові да Айчыны. Практыка падтрымкі творчых ініцыятыў маладых беларусаў таксама будзе прадоўжана.

Разам з тым ва ўсіх рэгіёнах краіны адбудзецца рэспубліканскае комплекснае спартыўна-масавае мерапрыемства "Тыдзень спорту і здароўя". Маштабнае фізкультурна-спартыўнае свята збярэ разам вучняў і студэнтаў устаноў адукацыі. Ва ўсіх жадаючых будзе магчымасць паразмаўляць са знакамітымі трэнерамі, якія разбіраюцца ў падрыхтоўцы будучых алімпійцаў, славутымі чэмпіёнамі, паўдзельнічаць у інтэлектуальных конкурсах, майстар-класах і, вядома, паспаборнічаць у сваім відзе спорту.

На тыдні таксама адбудзецца пашыранае пасяджэнне Рэспубліканскага савета па пытаннях дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і пасяджэнне Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў фізічнага выхавання. Вынікі падвядуць 10 верасня ў Баранавічах.-0-