23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў суайчыннікаў, воінаў і ветэранаў Узброеных Сіл з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Гэта свята непарыўна звязана з барацьбой беларусаў за суверэнітэт і незалежнасць, за права жыць свабодна на роднай зямлі, - гаворыцца ў віншаванні. - Найбольш яскрава лепшыя рысы нашага народа - мужнасць, стойкасць і гераізм - праявіліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі на абарону вялікай Радзімы стаў і стары і малы. Мы беражліва захоўваем памяць аб гэтым подзвігу і ў 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў - асаблівыя словы ўдзячнасці нашым дарагім ветэранам".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі ганарацца абаронцамі Айчыны ўсіх пакаленняў, якія заўсёды з гонарам выконвалі свой воінскі абавязак. "Так было і ў далёкім Афганістане, і ў іншых гарачых кропках планеты", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што Узброеныя Сілы валодаюць усім неабходным, каб даць адпор любому агрэсару, адстаяць мір і згоду на беларускай зямлі, а створаная ў краіне сістэма тэрытарыяльнай абароны і народнага апалчэння надае справе аховы Айчыны сапраўды ўсенародны характар.
Прэзідэнт пажадаў усім здароўя, шчасця, дабрабыту і поспехаў у служэнні Айчыне.