Галоўная / Беларуская версiя / Навіны рэспублiкi
13.03.2024

Карпенка расказаў пра асаблівасці выбрання дэлегатаў УНС

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка расказаў журналістам аб асаблівасцях выбрання дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння вельмі сімвалічны дзень. Напярэдадні 30-годдзя нашага Асноўнага закона стартавала кампанія па вылучэнні кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі і ў дэлегаты Усебеларускага народнага сходу ад дэпутатаў мясцовых Саветаў і структур грамадзянскай супольнасці. А гэтыя працэсы - таксама частка нашай Канстытуцыі, таму што цэлая трэцяя глава якраз і вызначае нашу выбарчую сістэму і рэферэндум як усенароднае галасаванне. Таму падзеі вельмі значныя", - сказаў Ігар Карпенка.

Кіраўнік ЦВК асобна спыніўся на асаблівасцях вылучэння кандыдатаў у дэлегаты Усебеларускага народнага сходу. "У адпаведнасці са змяненнямі і дапаўненнямі ў Канстытуцыю, прынятымі на рэферэндуме ў 2022 годзе, Усебеларускі народны сход атрымаў канстытуцыйны статус - як вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя, які вызначае стратэгію развіцця дзяржавы і грамадства, зацвярджае асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, зацвярджае Ваенную дактрыну і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Гэта значыць статус УНС як канстытуцыйнага органа сведчыць пра многае, - падкрэсліў ён. - Зразумела, тыя працэсы, якія адбываюцца пры фарміраванні гэтага органа, у пэўнай ступені залежаць у цэлым ад выбарчай сістэмы. Мы правялі адзіны дзень галасавання, у нас дэпутаты, выбраныя ў Палату прадстаўнікоў, аўтаматычна з'яўляюцца дэлегатамі УНС. Дэпутаты мясцовых Саветаў маюць права выбраць сваіх прадстаўнікоў у якасці дэлегатаў УНС і прадставіць гэты зрэз грамадства непасрэдна з месцаў. У склад УНС уваходзяць таксама прадстаўнікі вертыкалі ўлады - тыя, хто на месцах вырашае надзённыя пытанні нашых грамадзян. Яны таксама надзяляюцца пэўным статусам. Нам неабходна яшчэ выбраць членаў Савета Рэспублікі, якія таксама з'яўляюцца дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу. Не абдзелены будуць і структуры грамадзянскай супольнасці".

"Закон "Аб Усебеларускім народным сходзе" вызначыў, што 350 месцаў выдзяляецца дэпутацкаму корпусу ад мясцовых Саветаў, - удакладніў Ігар Карпенка. - Пры гэтым трэба ўлічваць, што 60 дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, выбраныя ў адзіны дзень галасавання, аўтаматычна з'яўляюцца дэлегатамі УНС. Адпаведна застаецца 290 месцаў, якія падзелены Цэнтральнай выбарчай камісіяй у адпаведнасці з законам прапарцыянальна колькасці выбаршчыкаў паміж шасцю абласцямі. Кожная вобласць на сесіях Саветаў дэпутатаў выбера прадстаўнікоў ва УНС. Акрамя таго, па 80 прадстаўнікоў ад кожнай з пяці структур грамадзянскай супольнасці будуць выбраны дэлегатамі УНС".