Старшыня ЦВК Ігар Карпенка расказаў журналістам аб асаблівасцях выбрання дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу,
перадае карэспандэнт БЕЛТА."Сёння вельмі сімвалічны дзень. Напярэдадні 30-годдзя нашага Асноўнага закона стартавала кампанія па вылучэнні кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі і ў дэлегаты Усебеларускага народнага сходу ад дэпутатаў мясцовых Саветаў і структур грамадзянскай супольнасці. А гэтыя працэсы - таксама частка нашай Канстытуцыі, таму што цэлая трэцяя глава якраз і вызначае нашу выбарчую сістэму і рэферэндум як усенароднае галасаванне. Таму падзеі вельмі значныя", - сказаў Ігар Карпенка.
Кіраўнік ЦВК асобна спыніўся на асаблівасцях вылучэння кандыдатаў у дэлегаты Усебеларускага народнага сходу. "У адпаведнасці са змяненнямі і дапаўненнямі ў Канстытуцыю, прынятымі на рэферэндуме ў 2022 годзе, Усебеларускі народны сход атрымаў канстытуцыйны статус - як вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя, які вызначае стратэгію развіцця дзяржавы і грамадства, зацвярджае асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, зацвярджае Ваенную дактрыну і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Гэта значыць статус УНС як канстытуцыйнага органа сведчыць пра многае, - падкрэсліў ён. - Зразумела, тыя працэсы, якія адбываюцца пры фарміраванні гэтага органа, у пэўнай ступені залежаць у цэлым ад выбарчай сістэмы. Мы правялі адзіны дзень галасавання, у нас дэпутаты, выбраныя ў Палату прадстаўнікоў, аўтаматычна з'яўляюцца дэлегатамі УНС. Дэпутаты мясцовых Саветаў маюць права выбраць сваіх прадстаўнікоў у якасці дэлегатаў УНС і прадставіць гэты зрэз грамадства непасрэдна з месцаў. У склад УНС уваходзяць таксама прадстаўнікі вертыкалі ўлады - тыя, хто на месцах вырашае надзённыя пытанні нашых грамадзян. Яны таксама надзяляюцца пэўным статусам. Нам неабходна яшчэ выбраць членаў Савета Рэспублікі, якія таксама з'яўляюцца дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу. Не абдзелены будуць і структуры грамадзянскай супольнасці".
"Закон "Аб Усебеларускім народным сходзе" вызначыў, што 350 месцаў выдзяляецца дэпутацкаму корпусу ад мясцовых Саветаў, - удакладніў Ігар Карпенка. - Пры гэтым трэба ўлічваць, што 60 дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, выбраныя ў адзіны дзень галасавання, аўтаматычна з'яўляюцца дэлегатамі УНС. Адпаведна застаецца 290 месцаў, якія падзелены Цэнтральнай выбарчай камісіяй у адпаведнасці з законам прапарцыянальна колькасці выбаршчыкаў паміж шасцю абласцямі. Кожная вобласць на сесіях Саветаў дэпутатаў выбера прадстаўнікоў ва УНС. Акрамя таго, па 80 прадстаўнікоў ад кожнай з пяці структур грамадзянскай супольнасці будуць выбраны дэлегатамі УНС".