Галоўная / Беларуская версiя / Навіны рэспублiкi
28.10.2024

Карпенка: 26 студзеня 2025 года - самы аптымальны час для правядзення выбарчай кампаніі

28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. 26 студзеня 2025 года - самы аптымальны час для правядзення выбарчай кампаніі. Аб гэтым заявіў старшыня ЦВК Ігар Карпенка ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

"2025 год завяршае пяцігодку. Ёсць неабходнасць прааналізаваць праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны, як яна выконвалася, і, зразумела, вызначыць стратэгію развіцця на будучую пяцігодку, асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі. І, вядома ж, нававыбраны Прэзідэнт павінен уключыцца ў гэты працэс на ранняй стадыі фарміравання такога сур'ёзнага стратэгічнага дакумента, а не пасля праведзеных выбараў летам, калі ўжо фактычна нават бюджэт звярстаны наступнага года, не гаворачы ўжо аб пяцігадовых планах і праграмах, - сказаў Ігар Карпенка. - Другі, на мой погляд, немалаважны момант: мы павінны разумець, што змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія былі ўнесены на рэспубліканскім рэферэндуме ў 2022 годзе, прадугледжвалі абнаўленне ўсіх галін улады, уключаючы прэзідэнцкую ўладу, па тых навацыях, якія былі вызначаны ў Канстытуцыі, у нашым заканадаўстве".

Увогуле каля 90 заканадаўчых актаў карэкціраваліся, уключаючы Выбарчы кодэкс. З'явіліся два новыя законы - "Аб асновах грамадзянскай супольнасці" і "Аб Усебеларускім народным сходзе", нагадаў старшыня ЦВК. "Таму логіка падказвала, што пасля правядзення адзінага дня галасавання, зразумела, прэзідэнцкая выбарчая кампанія паставіць тлустую кропку ў працэсе палітычнай мадэрнізацыі, - адзначыў ён. - І, напэўна, гэта самы аптымальны час для правядзення выбарчай кампаніі, таму што, як правіла, людзі не знаходзяцца ў водпусках, на дачах, няма загружанасці ў плане рэалізацыі задач, якія стаяць перад мясцовымі органамі ўлады, перад суб'ектамі гаспадарання. Напрыклад, няма пасяўной, уборачнай".

У кіраўніка ЦВК пацікавіліся, ці дастаткова часу на падрыхтоўку кандыдатам у прэзідэнты. "Любы кандыдат у дэпутаты або ў прэзідэнты, калі ён меў намер удзельнічаць у выбарах, то гэта пытанне не вырашаецца за некалькі дзён пасля аб'яўлення даты выбараў. Гэтым трэба было займацца ўжо нават не год і не два таму, а мінімум пяць гадоў таму", - дадаў Ігар Карпенка.-0-