18 верасня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. У Гродне тэатралізаваным шэсцем далі старт IV Міжнароднаму фестывалю лялечнага мастацтва "Лялькі над Нёманам",
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Фестываль аб'яднаў каля 150 удзельнікаў з розных куткоў Беларусі - Брэста, Мінска, Магілёва і Гродна. Прымаюць удзел у фэсце і калектывы тэатраў лялек з расійскіх Разані, Мурманска, Санкт-Пецярбурга, Казані, Арэнбурга, Волагды, Сахаліна. Упершыню на "Лялькі над Нёманам" прыехалі акцёры з Казахстана і Узбекістана. Як падзялілася Муніса Ігамназарава, якая прадстаўляе Ташкенцкі нацыянальны тэатр лялек, трупа прывезла на суд гледачоў канцэрт. "Ён доўжыцца 50 мінут і ў ім усе нашы лялькі нацыянальныя. Ён разлічаны на дзяцей нават ад двух гадоў і на зусім дарослых людзей. Мы ў многіх краінах былі, у многіх гарадах, і ўсім гледачам вельмі падабаецца наш нацыянальны канцэрт, людзям вельмі цікава. Прыехалі мы па запрашэнні, у Гродне мы ўпершыню і нам тут вельмі падабаецца. Тут асаблівая архітэктура, паветра прыемнае, але больш за ўсё мне спадабаліся людзі. Як толькі мы зайшлі ў аэрапорт, гэта было адчувальна - усе ветлівыя, культурныя", - падзялілася Муніса Ігамназарава.
Таксама вялікі шлях для таго, каб прыняць удзел у фестывалі, пераадолела трупа Валагодскага абласнога тэатра лялек. "За ўчарашні дзень мы праехалі роўна палавіну Еўропы. Мы ехалі да вас з Екацярынбурга да Гродна. Там мы былі ўдзельнікамі фестывалю, прывезлі два дыпломы. І ў вас, у Гродне, прадставім гэты ж спектакль - "Муха Цакатуха". Гродна - цудоўны горад. Мы тут ужо не першы раз. Тут так прыгожа, такія цудоўныя еўрапейскія вулачкі, архітэктура, кафэ, тэатры, людзі. У нас цудоўны сонечны настрой, які адпавядае надвор'ю. Праграма фестывалю інтрыгуе", - адзначыла дырэктар Валагодскага тэатра лялек Алена Бухарына.
З Полацка прыехала Таццяна Кірэй, якая кіруе аматарскім тэатрам лялек, заснаваным паўтара года таму. "У планах наведаць дзевяць спектакляў, як дарослых, так і дзіцячых. Самы чаканы для мяне - "Дзікія лебедзі", на яго я ўжо схадзіла. Па гэтым творы я ставіла свой першы спектакль, таму мне было вельмі цікава паглядзець і параўнаць. А наогул хочацца падсілкавацца энергіяй фестывалю, паглядзець, як працуюць прафесіяналы, мне як дылетанту яшчэ ў гэтай справе гэта проста неабходна, даведацца пра нейкія цікавыя фішачкі, злавіць натхненне для новых дасягненняў", - падзялілася яна.
Тэатралізаваным шэсцем адкрыўся фестываль, адразу пасля чаго ў Гродзенскім тэатры лялек пакажуць спектакль паводле твораў Уільяма Шэкспіра "Гертруда - Даніі краса і каралева, і гэты, як яго, прынц Гамлет…" Разанскага тэатра лялек, гэта, дарэчы, сумесны праект з Гродзенскім тэатрам лялек.
На працягу пяці дзён удзельнікі пакажуць свае спектаклі як для дарослых, так і для дзяцей. Сярод адных з самых чаканых пастановак - спектакль "Авіятар" ад Татарскага тэатра лялек "Экіят" з Казані (ён уладальнік Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі "Залатая маска") і старажытнагрэчаская трагедыя "Антыгона. Міф" Санкт-Пецярбургскага малога тэатра лялек. Закрые фестываль спектакль Гродзенскага тэатра лялек "яЖпрынцэса".
Гісторыя фестывалю лялечнага мастацтва "Лялькі над Нёманам" бярэ свой пачатак у 2013 годзе. У гэтым годзе ён праходзіць чацвёрты раз.-0-