08.09.2025
Кожная песня - ад сэрца. Больш за 400 выканаўцаў сабраў Лідскі хор-фэст
Больш за 400 выканаўцаў сабраў адкрыты харавы фестываль "Лідскі хор-фэст", перадае карэспандэнт БЕЛТА .
"Лідскі хор-фэст" дадаў яркіх нот у праграму Дня беларускага пісьменства. Конкурс праводзіцца ўпершыню. "Ідэя яго правядзення з'явілася ў мінулым годзе, калі нас аб'явілі сталіцай беларускага пісьменства-2025. Мы прапанавалі ўстановам культуры прадумаць цікавыя фішкі. Так, ад дзіцячай музычнай школы мастацтваў паступіла такая прапанова, паколькі і ў іх ёсць харавыя калектывы. Гэта асаблівы напрамак сёння. Нас падтрымалі і ў Міністэрстве інфармацыі і парэкамендавалі арганізаваць фестываль у двухдзённым фармаце. Фестываль адкрыты, таму заявак паступіла даволі шмат", - расказала начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля Леўшунова.
Заяўкі на ўдзел падалі каля 40 калектываў, усяго харавы фэст аб'яднаў больш за 400 дарослых і юных выканаўцаў, аматараў і прафесіяналаў.
Удзельнікі з усіх рэгіёнаў краіны прадставілі на суд журы па 2-3 кампазіцыі. Лепшых з лепшых вызначалі ў трох намінацыях: "Акадэмічныя харавыя спевы", "Выкананне духоўнай музыкі", "Народныя харавыя спевы". Творчае спаборніцтва было разгорнута таксама ў падгрупах па ўзросце і ўзроўні прафесіяналізму хору.
Ансамбль народнай песні "Відзаўчанка" прыехаў з Віцебскай вобласці. "Нам тут вельмі спадабалася. Да конкурсу рыхтаваліся адказна, нам блізкая яго рэпертуарная канцэпцыя, таму што тут праслаўляецца наша беларуская народная песня. Атмасфера цудоўная, арганізацыя выдатная - ад захавання ўсіх тэхнічных момантаў і рэгламентаў да ўзаемадзеяння і цёплых адносін. Куратары - выдатныя, добра нас сустракалі. Мы пазнаёміліся са многімі іншымі калектывамі з Гродзенскай вобласці і іншых абласцей. У гэту частку нашай краіны мы даўно не прыязджалі, якраз добрая нагода з'явілася", - падзяліліся выканаўцы.
У Ліду прыбыў асноўны склад ансамбля. "У нас ёсць і мытнікі, і пагранічнікі, і прадпрымальнікі - на жаль, не ўсе з-за занятасці змаглі прыехаць", - растлумачылі ў ансамблі.
На конкурс прадставілі дзве апрацоўкі беларускіх народных песень: "Ішла Купалка па вуліцы" і дажынкавую "А ў нашага пана".
Кіраўнік ансамбля Аляксандр Павініч адзначыў высокі ўзровень фэсту. Калектыву ёсць з чым параўноўваць. "Мы знаходзімся за пяць кіламетраў ад граніцы, таму раней бывалі на падобных конкурсах замежжа вельмі часта. Трэба сказаць, што ўзровень фестывалю ў Лідзе не ўступае, а можа, у нечым і лепшы", - падзяліліся ў калектыве.
Лаўрэаты і прызёры фэсту атрымалі спецыяльныя статуэткі, дыпломы і салодкія прызы ад Лідскага хлебазавода.
Яркім фінішным акордам гала-канцэрта стала выкананне зводным хорам песні "Кутачок Беларусi" і гімна Рэспублікі Беларусь.
Атрымаўшы водгукі ад гледачоў і ўдзельнікаў, арганізатары запэўнілі - у фестывалю вялікая будучыня.
Рэспубліканскае свята беларускага пісьменства прымае Ліда 6 і 7 верасня.-0-