Галоўная /
Навіны рэспублiкi
11.11.2026
Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным: тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй значна расце
Тавараабарот Беларусі і Расіі значна расце. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, перадае карэспандэнт БЕЛТА .
"Я вельмі цаню ўсе нашы сустрэчы, нашы кантакты. У нас сапраўды добрыя, блізкія адносіны. Практычна няма ніякіх рознагалоссяў на сёння перад Новым годам, як гэта было раней. Гэта сведчыць аб добрай дынаміцы. Вы сказалі аб тавараабароце: ён сапраўды ў гэтым годзе значна расце, працэнтаў на 20, недзе 21 з лішкам, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы гандлюем патрэбнымі для Беларусі і Расіі таварамі - гэта добра".
Беларускі лідар таксама пагадзіўся з пазітыўнай ацэнкай, якую яго расійскі калега даў рабоце ўрадаў дзвюх краін. "Сапраўды, урады малайцы, працуюць добра. Усе задачы, якія мы перад імі ставілі, яны рэалізоўваюць", - падкрэсліў ён.
"Я аб гэтым сказаў: я ганаруся тым, што нам удалося практычна вырашыць усе праблемныя вузлы", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Месцам сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў стала падмаскоўная дзяржаўная рэзідэнцыя Нова-Агарова.
Як паведамлялася БЕЛТА, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 лістапада прыбыў з рабочым візітам у Расійскую Федэрацыю. Сустрэча з Уладзімірам Пуціным адбылася напярэдадні сесіі Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы, якая пройдзе 11 лістапада ў Маскве. Лідары краін абмяркуюць пытанні дзейнасці АДКБ, разгледзяць актуальныя праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі.
У сваім выступленні Прэзідэнт Беларусі падрабязна спыніцца на пытаннях забеспячэння калектыўнай бяспекі на еўразійскай прасторы, прадставіць пазіцыю Мінска па ключавых напрамках развіцця арганізацыі.-0-