Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

"Чапяла", "стрыхоўка", "кужаль": на выставе ў Лідзе ажываюць забытыя словы і прадметы продкаў

05.08.2025
Фота Лідскага гісторыка-мастацкага музея
5 жніўня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Да Дня беларускага пісьменства, што пройдзе 6 і 7 верасня ў Лідзе, на пляцоўцы перад Лідскім гісторыка-мастацкім музеем разгарнуўся праект "Слоўца за слоўцам". Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Музейшчыкі выставілі на плошчы перад будынкам вялікія стэнды з выявамі прадметаў побыту, культуры нашых продкаў-землякоў розных стагоддзяў. Іх выгляд, прызначэнне і назвы ўжо не знаёмы сённяшнім беларусам. Напярэдадні Дня беларускага пісьменства арганізатары выставы вырашылі прыадкрыць акно ў гісторыю роднага краю - расказаць пра даўнія прадметы з сакавітымі назвамі, якімі карысталіся прадзеды і прапрадзеды, і паказаць тое, што захавалася ў фондах музея.

"Праект быў створаны ў выніку паглыбленага даследавання гісторыі экспанатаў з фондаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея, - расказалі арганізатары. - На базе атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні "Час. Традыцыі. Вобразы" ў нас рэалізуецца культурна-адукацыйная праграма "Рэха продкаў", якая з'яўляецца ўнікальным даведнікам па этнаграфіі рэгіёна, важным інфармацыйным і выхаваўчым рэсурсам. Асноўная мэта праекта - захаванне і папулярызацыя мясцовых традыцый, побыту, духоўных каштоўнасцей Лідчыны".

Прадметы, што экспануюцца ў музеі, дапамагаюць зразумець, якім быў уклад жыцця землякоў мінулых пакаленняў. На пляцоўцы перад музеем жыхары і госці горада могуць даведацца, што такое, напрыклад, "чапяла", як карысталіся "стрыхоўкай" і навошта "кужаль" скручвалі ў "палойкі". Каб даведацца больш аб праекце, можна перайсці на сайт музея, скарыстаўшыся QR-кодам, размешчаным на выставе.

Культурна-адукацыйная праграма "Рэха продкаў" Лідскага гісторыка-мастацкага музея была адзначана дыпломам І ступені ў намінацыі "За лепшую культурна-адукацыйную праграму" на VI Нацыянальным форуме "Музеі Беларусі".

Сёння пляцоўка з гістарычнымі экспанатамі стала інтэрактыўнай. Тут арганізавалі рэтрагульні 1960-1970-х гадоў для дзяцей і дарослых. Кожны можа акунуцца ў атмасферу старых добрых гульняў: жвавых, інтэлектуальных, індывідуальных і групавых.-0-
© Адмiнiстрацыя Кастрычнiцкага раёна г. Гродна, 2025.