Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Справядлівасць, а не імкненне да нажывы. Лукашэнка абазначыў прыярытэты для банкаў

10.09.2025
Справядлівасць, а не імкненне да нажывы. Лукашэнка абазначыў прыярытэты для банкаў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 верасня сабраў нараду з апаратам Нацыянальнага банка і кіраўніцтвам банкаў, на якой абазначыў ключавыя напрамкі і прыярытэты для банкаўска-фінансавай сістэмы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы ў пачатку мерапрыемства адзначыў, што пры назначэнні Рамана Галоўчанкі старшынёй праўлення Нацыянальнага банка гаварыў аб сваім намеры абавязкова ў гэтым годзе пазнаёміцца з калектывам. І цяпер выконвае абяцанне. Тым больш што і склад праўлення значна абнавіўся, а сустрэчы з калектывамі найбуйнейшых органаў дзяржаўнай вертыкалі, дзе можна зверыць гадзіннікі і вызначыць задачы, сталі рэгулярнымі. Так, нядаўна прайшла нарада з Адміністрацыяй Прэзідэнта, з дыпламатычным корпусам. Наперадзе - нарада з урадам.

Тэмай цяперашняй нарады стаў не толькі стан спраў у Нацыянальным банку, але і развіццё ўсёй банкаўска-фінансавай сістэмы, якая, як і ўся краіна, праходзіць няпросты перыяд.

Пра складаны этап, барацьбу за розумы і плату за суверэнітэт

"За апошнюю пяцігодку нацыянальная эканоміка, а з ёю і беларускі банкаўскі сектар перажылі беспрэцэдэнтныя выклікі", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што супраць Беларусі былі ўведзены проста небывалыя, драконаўскія санкцыі.

"Чакалі, што мы ўпадзём на калені. Але сёння мы можам сказаць (магчыма, нават з упэўненасцю): мы не банкруты, мы справіліся. Так, гэта было цяжка. Цяжка да гэтага часу. Наўрад ці будзе лягчэй і ў далейшым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Але менавіта так, на думку Прэзідэнта, у сучасным свеце дзяржавы, якія вядуць незалежную палітыку, расплачваюцца за свой суверэнітэт. Беларусь у гэтым сэнсе шмат чаму навучылася і прадаўжае вучыцца.

"Усялякія пагрозы нікуды не дзеліся, барацьба за ўплыў, рэсурсы (у тым ліку фінансавыя), розумы становіцца ўсё больш жорсткай і непрадказальнай. Мы прадаўжаем змагацца за мір, стабільнасць, упэўненасць нашых людзей у заўтрашнім дні", - заявіў беларускі лідар.

Пра недапрацоўкі, якія трэба выпраўляць

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў цэлым сітуацыя ў грашова-крэдытнай сферы і на валютным рынку апаскі не выклікае. Але ў той жа час ёсць недапрацоўкі, якія трэба выпраўляць. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка згадаў пра скаргі ў адрас банкаў ад звычайных людзей: то старыя долары не прымаюць, то навязваюць кліентам страхавыя паслугі.

"Давайце дамовімся, з 1 студзеня 2026 года наяўнасць такіх фактаў аўтаматычна прывядзе да дысцыплінарнай адказнасці кіраўніка (банка. - Заўвага БЕЛТА), - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Крыўдзіць людзей нейкімі надуманымі пытаннямі нельга. Не трэба паказваць, што вы разумнейшыя за іншых".

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што прыбытак банкаў часам выкарыстоўваецца не на тыя мэты, на якія трэба, такія факты выяўляюцца пры праверках.

Здараецца, што крэдытныя брокеры працуюць пад прыкрыццём, нібыта шпіёны: аказваюць камп'ютарныя паслугі, паслугі па расшыфроўцы крэдытнай гісторыі.

"Рост памеру камісійнага ўзнагароджання, які бярэцца банкамі, таксама застаецца пакуль па-за кантролем. Трэба імкнуцца да выгады шляхам справядлівасці, нельга думаць выключна катэгорыямі нажывы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Не забывайце, у нас у краіне амаль 2,5 млн пенсіянераў. Амаль 2 млн людзей жывуць у сельскай мясцовасці".

"Ці не моцна расслабіліся ў Нацбанку, апусціўшы павады ў кіраванні даходамі банкаў?" - спытаў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, застаецца нявырашаным пытанне з абаронай інтарэсаў простага чалавека пры выдачы пазык фізічным асобам пад залог жылля. Вядомы выпадкі, калі людзі фактычна апынуліся на вуліцы, узяўшы такую пазыку, згадаў Прэзідэнт.

"Ёсць недахопы ў рэгуляванні лізінгавых паслуг, - прадоўжыў ён. - Лізінгавыя арганізацыі абыходзяць абмежаванні па памеры авансавага плацяжу, пакідаюць за сабой права змянення памеру плацяжоў у аднабаковым парадку. Трэба гэта самавольства заканчваць".

Сярод недапрацовак Прэзідэнт абазначыў і праблемы з правядзеннем трансгранічных плацяжоў.

"Акрамя складанасцей з пабудовай маршрутаў міжнародных плацяжоў існуе праблема арганізацыйнага характару, калі прадпрыемствы вымушаны самастойна шукаць варыянты правядзення разлікаў. Пры такім велізарным штаце Нацбанка (а ў вас больш за 660 чалавек, гэта тры беларускія ўрады) вы не можаце вылучыць групу людзей на гэты напрамак?" - рытарычна спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, таксама ў час праверак выяўляюцца факты ўнутранага і знешняга махлярства ў банкаўскай сістэме. "У адносінах да ўласнікаў банкаў узбуджаны крымінальныя справы за ўхіленне ад выплаты падаткаў, збораў, - прывёў прыклады Прэзідэнт. - Сістэматычна выяўляюцца злачынствы, звязаныя з незаконным атрыманнем крэдытаў на падставе дакументаў, якія змяшчаюць несапраўдныя звесткі".

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў аб недапушчальнасці такога. "Банкі, нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі павінны быць сумленнымі, дзейнічаць выключна ў рамках закону, у інтарэсах людзей і краіны".

Пра традыцыйныя задачы банкаў, першарадная з якіх - цэнавая стабільнасць

Асобны блок выступлення Прэзідэнта на нарадзе датычыўся асноўных задач, якія стаяць перад айчыннай банкаўска-фінансавай сістэмай. Яны, паводле яго слоў, даволі традыцыйныя і тут наўрад ці можна адкрыць нейкія новыя напрамкі, што, зрэшты, не робіць іх менш значнымі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што першарадная задача - Нацбанка і ўсёй сістэмы - падтрыманне цэнавай стабільнасці.

На гэты час тэмпы прыросту спажывецкіх цэн да ўзроўню ліпеня мінулага года ў гадавым выражэнні ўжо склалі 7,4 працэнта. Праўда, у жніўні інфляцыя скарацілася на 0,3 працэнтнага пункта, але ўсё роўна перасягае гадавы мэтавы параметр - не вышэйшы за 5 працэнтаў.

"Тэндэнцыю ўзрастаючай інфляцыі неабходна пераламаць, - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. - І роля Нацбанка ў гэтым працэсе наогул пакуль слаба прасочваецца. Павінна быць сфарміравана ўстойлівае, прадказальнае фінансавае асяроддзе для бізнесу і насельніцтва".

"Нізкая інфляцыя патрэбна нашым прадпрыемствам для планавання доўгатэрміновых інвестыцый. А людзям - для таго, каб не падала іх пакупная здольнасць і не абясцэньваліся даходы і зберажэнні", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Пра фінансавую стабільнасць і правільнае выкарыстанне "скарбонкі" як другую задачу для банкіраў

Адзін з найважнейшых індыкатараў, у тым ліку што характарызуюць узровень эканамічнай бяспекі дзяржавы, - гэта аб'ём золатавалютных рэзерваў. На 1 верасня 2025 года яны дасягнулі значэння амаль $12,5 млрд, павялічыўшыся з пачатку бягучай пяцігодкі амаль на $5 млрд.

"Але хачу адзначыць, што гэтаму ў значнай меры садзейнічаў рост сусветных цэн на золата. А так бывае не заўсёды. Значыць, і расслабляцца сёння нельга, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - І проста сядзець склаўшы рукі на "скарбонцы", напэўна, няправільна. Грошы павінны працаваць на выгадныя для краіны інвестыцыйныя праекты (з хуткай аддачай) або доўгатэрміновыя экспартныя кантракты".

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу, каб у наступнай пяцігодцы золатавалютныя рэзервы падтрымліваліся на ўзроўні, дастатковым для стабільнай работы эканомікі. "Таму неабходна правільна выбудоўваць, а калі трэба - і пераналаджваць нашу стратэгію кіравання міжнароднымі рэзервовымі актывамі", - арыентаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сітуацыя на валютным рынку павінна заставацца кантралюемай. Пры гэтым па-ранейшаму неабходна не дапускаць празмернай валацільнасць абменнага курсу нацыянальнай валюты.

"Банкі, нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі, плацежная сістэма - усе павінны ўмела і дакладна выконваць свае функцыі, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Ваша задача - забяспечыць гарантаванае ажыццяўленне плацяжоў і бяспечнае правядзенне разлікаў. Нацыянальны банк павінен трымаць сітуацыю на самым строгім кантролі. Дзейнічаць трэба на апярэджанне, каб максімальна абмежаваць магчымыя рызыкі для бесперабойнай работы банкаўскага сектара і плацежнага рынку".

У сувязі з гэтым Прэзідэнт згадаў пра тэхнічны збой, які адбыўся 9 ліпеня бягучага года (калі ў некаторых трымальнікаў беларускіх банкаўскіх картак былі памылкова спісаны сродкі). "Зразумела, што праз суткі вы там усё адрэгулявалі, усё вярнулася. Але, як кажуць, асадак у людзей застаўся, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Такое не павінна паўтарацца. Неабходна высветліць прычыны і ў далейшым не дапускаць такіх сітуацый. А ў выпадку правядзення тэхнічных работ загадзя інфармаваць насельніцтва і арганізацыі, пераканаўча інфармаваць".

Пра фінансавую падтрымку эканомікі з боку банкаў

Яшчэ адна задача, якую кіраўнік дзяржавы паставіў перад Нацыянальным банкам і ўсёй банкаўскай сістэмай, - фінансавая падтрымка эканомікі. Прэзідэнт адзначыў, што крэдытныя рэсурсы заўсёды адыгрывалі важную ролю ў вытворчай дзейнасці любога прадпрыемства, асабліва калі размова заходзіць аб неабходнасці мадэрнізацыі, маштабавання бізнесу або стварэння новых вытворчасцей.

"У нашай краіне попыт на крэдытныя рэсурсы традыцыйна высокі. З пачатку бягучай пяцігодкі штогадовы аб'ём выдачы банкамі крэдытаў суб'ектам гаспадарання і насельніцтву павялічыўся ў два разы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У той жа час назіраецца зніжэнне долі крэдытаў (пазык) банкаў у інвестыцыях у асноўны капітал з 27 працэнтаў у 2014 годзе да 12 працэнтаў у 2024-м".

Паводле яго слоў, значная доля гэтых сродкаў накіравана на крэдытную падтрымку рэальнага сектара эканомікі. За сем месяцаў бягучага года юрыдычныя асобы атрымалі ад банкаў Br103 млрд крэдытных сродкаў.

"Аднак задача па фінансаванні эканомікі яшчэ не вырашана. І важна не колькасць, а якасць фінансавых укладанняў. Кожны ўкладзены рубель павінен даваць максімальную аддачу. Гэта інструкцыя да дзеяння абсалютна для ўсіх", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што банкаўская сістэма павінна гэтаму актыўна садзейнічаць, забяспечваючы эфектыўнае і рацыянальнае размеркаванне рэсурсаў у эканоміцы. "Крэдытаванне эфектыўных інвестыцыйных праектаў, якія маюць высокі экспартны патэнцыял, накіраваных на імпартазамяшчэнне або развіццё рэгіёнаў, павінна быць безумоўным прыярытэтам для нашага банкаўскага сектара. Часам трэба дапамагчы кліенту, падказаць, дзе можна знізіць затраты", - дадаў ён.

"Вядома, для бесперабойнага фінансавання інвестыцыйных праектаў патрабуюцца рэсурсы. Адказваючы на пытанне, дзе іх узяць... Акцэнт неабходна рабіць на прыярытэтным прыцягненні ў банкаўскі сектар рублёвых зберажэнняў", - лічыць беларускі лідар.

Пра садзейнічанне прадпрыемствам у знешнеэканамічнай дзейнасці

Прэзідэнт паставіў перад Нацбанкам і банкаўскай сістэмай задачу па ўсебаковым садзейнічанні прадпрыемствам у ажыццяўленні знешнеэканамічнай дзейнасці. Размова ідзе аб некалькіх напрамках. У іх ліку Аляксандр Лукашэнка абазначыў пашырэнне банкаўскай карэспандэнцкай сеткі ў дружалюбных і нейтральных краінах і правядзенне разлікаў у нацыянальных валютах краін - асноўных гандлёвых партнёраў.

"Як гэта ні дзіўна гучыць, але ўрад і Нацбанк ніяк не дамовяцца аб парадку ўзаемадзеяння дзяржорганаў і прадпрыемстваў пры ўзнікненні праблемных сітуацый з міжнароднымі плацяжамі. Як у байцы "Лебедзь, Шчупак і Рак". Кожны цягне ў свой бок, а воз праблем і цяпер там. Трэба выключыць верагоднасць любых фінансавых страт для краіны. Валютная выручка павінна паступаць у поўным аб'ёме", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на неабходнасць выкарыстання дружалюбных сістэм перадачы фінансавай інфармацыі і вызначэнне аптымальных і эфектыўных схем узаемадзеяння ўдзельнікаў трансгранічных плацяжоў. Акрамя таго, адзначыў ён, варта задзейнічаць эфектыўныя альтэрнатыўныя механізмы разлікаў, такія як пераўступка доўгу, разлікі ў крыптавалютах, наяўнай форме і гэтак далей.

Акрамя таго, Прэзідэнт паставіў задачу павялічыць аб'ём праведзеных знешнеэканамічных плацяжоў за тавары і паслугі. "Цяпер дзеючы механізм не ў поўнай меры вырашае пастаўленыя задачы па аператыўным завяршэнні міжнародных разлікаў і вяртанні валютнай выручкі ў краіну", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, за першае паўгоддзе 2025 года пратэрмінаваная знешняя дэбіторская запазычанасць вырасла на трэць і дасягнула $500 млн, што з'яўляецца недапушчальным. "Ці вы думаеце загаварыць гэту тэму ростам ЗВР? Я вам нагадаю, што вяртанне экспартнай выручкі ў нас кантралюе генеральны пракурор. Ды і Камітэт дзяржаўнага кантролю недалёка. Чакаю ад іх прынцыповых ацэнак", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пра паскораныя тэмпы дэвалютызацыі

"Паскоранымі тэмпамі ідзе дэвалютызацыя эканомікі. Доля рублёвага складніка ў шырокай грашовай масе ўзрасла з 41 працэнта ў снежні 2020 года да 63 працэнтаў у ліпені 2025-га. Калі прасцей - кожны дзень з пачатку года здаюць наяўную валюту ў сярэднім па $30 млн", - сказаў Прэзідэнт.

"Калі людзі дзяржаве давяраюць - яны нясуць свае грошы ў банк. І трэба адзначыць, што апошнім часам дасягнуты нядрэнныя вынікі. З 2021 года тэрміновыя ўклады юрыдычных і фізічных асоб у беларускіх рублях узраслі амаль у тры разы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівую ўвагу, падкрэсліў Прэзідэнт, трэба ўдзяліць фарміраванню доўгатэрміновых рэсурсаў. Прыярытэтам для банкаў павінна стаць прыцягненне сродкаў на тэрмін звыш трох гадоў, дадаў ён.

"Трэба выбудаваць сістэму работы для прыцягнення такіх рэсурсаў на найбольш прывабных для нашых грамадзян умовах. Магчыма, для гэтага спатрэбяцца новыя і смелыя рашэнні. Думаю, тут ёсць куды рухацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, не трэба забываць і пра іншыя крыніцы - прыцягненне замежнага капіталу, а таксама ўласныя рэсурсы, у тым ліку прыбытак. "А прыбытак банкаўская сістэма атрымлівае нядрэнны. Але распараджацца ім трэба адказна. Гэтыя грошы не павінны праядацца або ісці поўнасцю гадавымі бонусамі топ-менеджарам, а павінны вяртацца ў эканоміку", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт даручыў накіроўваць іх на фінансаванне эканамічнага развіцця - у першую чаргу на праекты, якія ствараюць дабаўленую вартасць.

"Рэгулятару трэба забяспечыць усе ўмовы, каб банкі маглі бесперашкодна фарміраваць рэсурсную базу ў неабходным аб'ёме. Колькасць грошай у краіне павінна адпавядаць рэальным патрэбнасцям эканомікі і не прыводзіць да росту цэн. У сувязі з гэтым задача Нацыянальнага банка - узмацніць кантроль за грашовай прапановай", - сказаў беларускі лідар.

Пра стварэнне фінансава-прамысловых груп

"У мэтах прыцягнення ў эканоміку дадатковых рэсурсаў для рэалізацыі інвестыцыйных праграм Нацыянальнаму банку з удзелам банкаў і дзяржорганаў мэтазгодна прапрацаваць пытанне аб магчымай эканамічнай інтэграцыі фінансавага і прамысловага капіталаў шляхам стварэння фінансава-прамысловых груп", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі "неаднаразова падступаліся" да такіх груп. У 1995 годзе быў прыняты ўказ, а ў 1999 годзе - спецыяльны закон, які, паводле слоў Прэзідэнта, у 2012 годзе сышоў на нішто.

"Стварэнне ФПГ будзе садзейнічаць фарміраванню новай сістэмы інвесціравання, больш эфектыўнаму задзейнічанню фінансавых актываў банкаў як патэнцыяльных інвестараў", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Да фінансавання інвестыцый, падкрэсліў ён, павінны больш актыўна падключацца не толькі банкі, але і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі, якім трэба ўкараняць новыя фінансавыя інструменты падтрымкі. Галоўны крытэрый пры гэтым - рост іх долі ў ВУП.

"Дарэчы, у нас быў эксперымент, калі ААТ "ААБ Беларусбанк" атрымала акцыі ААТ "Белшына". Ну, і рэзультат? З улікам таго, што экспарт шын упаў на 20 працэнтаў, вопыт не вельмі ўдалы. Можа, не. Сёння даложыце", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра пашырэнне сферы лічбавых знакаў

На нарадзе Прэзідэнт паставіў задачу пашырыць сферу прымянення лічбавых знакаў, якая з'яўляецца адным з важнейшых напрамкаў лічбавага развіцця нацыянальнай эканомікі.

Паводле яго слоў, выкарыстанне токенаў у фінансавай сферы дае магчымасць мінімізаваць прысутнасць пасрэднікаў, аўтаматызаваць правядзенне здзелак пры дапамозе смарт-кантрактаў і ўзмацніць кантроль карыстальнікаў над сваімі актывамі.

"Сёння як ніколі актыўна праводзяцца разлікі з выкарыстаннем крыптавалют, павялічваецца іх роля ў забеспячэнні плацяжоў. За сем месяцаў бягучага года аб'ём знешніх плацяжоў праз крыптабіржы склаў $1,7 млрд. Згодна з экспертнымі ацэнкамі, па выніках года ён можа дасягнуць $3 млрд", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што рынак такой велічыні патрабуе празрыстасці, эфектыўнага рэгулявання і разумнага кантролю. "Ураду і Нацыянальнаму банку адпаведныя даручэнні дадзены. Дзейнічайце", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Пра актыўнае ўкараненне лічбавых банкаўскіх тэхналогій пры правядзенні плацяжоў

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што неабходна больш актыўна ўкараняць сучасныя лічбавыя банкаўскія тэхналогіі пры правядзенні плацяжоў. "Сёе-тое ўжо зроблена. Напрыклад, рэалізавана магчымасць ажыццяўлення плацяжоў з выкарыстаннем QR-кодаў, - сказаў Прэзідэнт. - Не пазней за канец года трэба таксама ўвесці ў строй сістэму імгненных плацяжоў. Гэта дасць магчымасць людзям атрымаць яшчэ адзін просты і зручны спосаб аплаты тавараў, работ і паслуг".

У той жа час, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, у бізнесу з'явіцца магчымасць залічэння сродкаў у рэжыме рэальнага часу ў выхадныя і святочныя дні, чаго раней не было ў Беларусі.

"Паколькі гэта ў першую чаргу - абарачальнасць грашовых сродкаў, даступная ліквіднасць, скарачэнне касавых разрываў арганізацый. Гэта значыць, адны перавагі", - упэўнены ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, развіццё мабільных тэхналогій і рост якасці паслуг сувязі зрабілі магчымым прымяненне банкамі лічбавых прадуктаў, якія карэнным чынам змянілі прывычныя стандарты банкаўскай дзейнасці і дазволілі ўстанаўліваць дыстанцыйныя адносіны паміж банкам і кліентам.

"Я ўжо не раз гаварыў: свет не стаіць на месцы. Тэхналогіі развіваюцца касмічнымі тэмпамі. І сёння выйграе той, хто першым знаходзіць ім прымяненне і бачыць зачын на будучыню. Банкам неабходна ўзмацніць работу па ўкараненні ў банкаўскую дзейнасць рашэнняў, пабудаваных на выкарыстанні штучнага інтэлекту. Гэта дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць унутраных банкаўскіх працэсаў і пераразмеркаваць працоўныя рэсурсы на вырашэнне складаных і стратэгічных пытанняў", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што з улікам сусветных трэндаў у банкаўскім сектары лічбавы вектар павінен быць накіраваны на развіццё такіх напрамкаў, як выкарыстанне біяметрычных тэхналогій, стварэнне ўласнай ІТ-кампаніі, якія даюць магчымасць знізіць высокую залежнасць ад пастаўшчыкоў гэтых паслуг. Кіраўнік дзяржавы абазначыў неабходнасць стварэння карпаратыўных універсітэтаў па падрыхтоўцы спецыялістаў для банка "яшчэ са студэнцкай лаўкі на стыку некалькіх спецыяльнасцей".

"І ў цэлым банкам трэба арыентавацца на атрыманне максімальных станоўчых вынікаў, якія здольны даць сучасныя тэхналогіі. Лічбавізацыя тут не дзеля лічбавізацыі, а для рэальнага эканамічнага эфекту", - дадаў ён.

Пра меры прафілактыкі махлярскіх схем

Разам з тым, падкрэсліў Прэзідэнт, укараненне лічбавых тэхналогій павінна суправаджацца не менш актыўнай работай па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі. "Як паказала практыка, у большасці выпадкаў людзі самі даюць махлярам інфармацыю для доступу да сваіх рахункаў. Таму задача банкаў - прадоўжыць шырокамаштабнае інфармаванне насельніцтва аб найбольш распаўсюджаных і новых спосабах учынення кіберзлачынстваў, а таксама аб мерах па іх прафілактыцы", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Для ўзмацнення кібербяспекі, канстатаваў кіраўнік дзяржавы, банкам неабходна больш актыўна развіваць і ўкараняць айчынныя распрацоўкі ў галіне інфармацыйнай бяспекі, адаптаваныя пад патрэбнасці беларускага рынку.

"Акрамя таго, Нацыянальны банк пры правядзенні праверак банкаў павінен удзяляць павышаную ўвагу ацэнцы рызык парушэння інфармацыйнай бяспекі, кіберрызыкі, а таксама мер, што прымаюцца банкамі для забеспячэння захаванасці банкаўскай тайны і абароны персанальных даных кліентаў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Пра галоўны паказчык работы банкаў

"Мэтай нашай сустрэчы было тое, што я павінен быў вам сказаць, якія з майго боку як кіраўніка дзяржавы будуць патрабаванні да банкаўскай сферы. Ёсць рост эканомікі, няма праблем з эканомікай, разлікамі і гэтак далей - значыць, працуеце добра, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Няма росту эканомікі - ніякія размовы пра ЗВР, валацільнасць рубля і іншай валюты не будуць мець ніякага значэння. Эканоміка - галоўны паказчык".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што будучая пяцігадовая праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця ўжо актыўна фарміруецца: "Яе канцэпцыю я ў цэлым падтрымаў. І ў ёй хачу ўбачыць канкрэтныя крокі для ўзмацнення ролі Нацыянальнага банка як аднаго з драйвераў эканомікі".

Акрамя таго, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, цяперашні старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка, калі быў прэм'ер-міністрам, хацеў большай уключанасці Нацбанка і банкаўскай сістэмы ў эканоміку краіны.

"І цяпер, з'яўляючыся кіраўніком Нацбанка, працуйце больш цесна з цяперашнім прэм'ерам Аляксандрам Генрыхавічам (Турчыным. - Заўвага БЕЛТА). Паколькі задачы стаяць перад вамі агульныя - рост эканомікі і дабрабыту насельніцтва, а таксама стрымліванне цэн", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У цэлым, канстатаваў ён, сітуацыя ў банкаўскай сферы няпростая, але прымальная. "Павінен адкрыта сказаць: малайцы, што ў гэты складаны перыяд, калі ўдар наносіўся мэтанакіравана па банкаўскай сферы, вы не пахіснуліся. Вы знаходзіце шляхі вашай актыўнай работы, у тым ліку ў складаным знешнеэканамічным пытанні, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У цэлым нядрэнна, і за гэта я вам вельмі ўдзячны. Але самае галоўнае, ні ў якім разе не спыняцца".-0-

© Адмiнiстрацыя Кастрычнiцкага раёна г. Гродна, 2025.