Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Як у навагодняй мітусні не нарвацца на інтэрнэт-махляроў, расказалі праваахоўнікі

05.12.2025
Як у навагодняй мітусні не нарвацца на інтэрнэт-махляроў, расказалі праваахоўнікі
5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праваахоўнікі раяць быць асцярожнымі з сезоннымі акцыямі і скідкамі ў інтэрнэце. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва УУС Мінаблвыканкама.

Аб тым, што сацсеткі - небяспечнае месца для куплі, багатае на махляроў, у міліцыі нагадвалі ўжо не раз. З надыходам зімы праваахоўнікі чакаюць чарговай актывізацыі зламыснікаў, якія выдаюць сябе за інтэрнэт-магазіны, і перасцерагаюць грамадзян: купляючы сезонныя тавары, не трэба "весціся" на шчодрыя акцыі і яркія карцінкі ў сацыяльных сетках.

"Зламыснікі часта прывабліваюць акцыямі і добрымі цэнамі на сезонныя тавары. Зімовае адзенне і абутак, навагоднія ёлкі і ўпрыгажэнні, бытавая тэхніка і смартфоны, турыстычныя паездкі - вось няпоўны спіс тавараў для выцягвання перадаплат і аплаты за дастаўку ў даверлівых грамадзян, - адзначылі праваахоўнікі. - Перавёўшы перадаплату махлярам, кліент у лепшым выпадку проста застаецца без тавару. Завалодаўшы персанальнымі данымі, зламыснікі могуць нават узяць на ахвяру анлайн-крэдыт і выкрасці сродкі".

Праваахоўнікі нагадваюць, што, перш чым пераводзіць камусьці сродкі або перадаваць плацежныя даныя, трэба задумацца: а што вядома пра атрымальніка? Для ажыццяўлення куплі неабходна наведваць афіцыйныя інтэрнэт-магазіны. Як правіла, калі прадукцыя магазіна прадстаўлена ў сацыяльнай сетцы, афармленне заказу адбываецца праз афіцыйны вэб-сайт. Размова з прадаўцом праз асабістыя паведамленні, "перадаплаты", тавары "толькі пад заказ" і пераводы з карткі на картку - відавочныя прыкметы падману.

"Не забудзьце папярэдзіць аб гэтых схемах падману сваіх знаёмых і асабліва пажылых сваякоў", - дапоўнілі ва УУС.-0-

© Адмiнiстрацыя Кастрычнiцкага раёна г. Гродна, 2025.